РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я на гэты сьвет прыйшоў па вопыт,
Запытацца і пачуць адказ,
Ён навошта,
Паўсядзённы клопат,
Вечны тупат ног і крылаў лопат,
Што зь нябёс вяртае долу нас.
 
Зразумеў я:
Вопыт – гэта стома,
Што завецца чуласьцю душы,
Стома –
Над ракой імгненьня строма,
Стому,
Што ў табе жыве, як дома,
Нельга заглушыць,
Як ні глушы.
 
Захавай на шчасьце стому гэту,
Разьмяняўшы рэшту год на дні.
Радуйся ў жыцьці сьвятлу і сьвету,
Верачы ў паганскую прыкмету:
Дабрыня шукае глыбіні.
 
І пакуль з табою вопыт будзе,
Старасьць ціха адплыве ў чаўне,
Адгукнецца жаль у перапудзе,
Зробяцца вярбовай клеткай грудзі,
У якой душа сьпяваць пачне.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.