 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Як сьвяткавалі ’шчэ Купальле На берагах ракі маёй З усходу воі прыскакалі Смуглявай хіжаю гайнёй. Я доўга чула віск і лямант – Захопнікаў усе клялі. Ды людзі ўпэўніліся самі, Што крыкам не вярнуць зямлі. Мацьнейшыя пабралі зброю, Сплылі – куды чаўны нясуць. Другія ж – пераймалі строі, І мову прыхадняў, і суд. Там, на гары, стаяў будынак - Лічыла нават я – сьвяты. Плыў па вадзе яго адбітак, Нібыта ветразь залаты. Каб коса не глядзеў чужынец, Туды баяліся хадзіць, Пакуль тутэйшы баязьлівец Не загадаў той храм спаліць. Часала косы я ў чароце, І чула чыйсь дрыжачы шэпт Аб ваяўнічым злым народзе, Які скарыў цалюткі сьвет. Яны яго хвалілі талент І моц, дурныя пячкуры! Бо іх майстроў найлешых бралі Сабе захопнікаў цары. Цячэ вада... Чарот гайдае, І зоры зьзяюць скрозь чарот. І ўжо іначай называе Сябе зваёваны народ. І на Купальле не лунаюць Дзяўчыны ў лозах ля ракі – Прабабкі іх даўно аддалі Чужынцам белыя вянкі...
1988
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|