Зорка вісьне, нібы залаты арэх, На зьінелым дроце трамвая. Так нячутна сёньня падае сьнег – Быццам белая рысь ступае. Мне ня страшна, мне толькі сябе шкада, Адзіноту сваю на сьвеце – Гэту пошасьць прыносіць заўжды зіма, Барадой намятае вецер. Дзень да дня ўсё чужэе народ наўкол, Падазроней, сквапней, адчайней – Гэта нашага часу такі закон, Гэта Час халадоў звычайны. Вось і вуліцы быццам бы людныя, I да дому ўжо недалёка, А ніхто не заўважыць – ці плачу я, Паміраю ці бачу Бога. А сьняжынкі кружляюцца, як у сьне, Непрыкметна, як плач сірочы. Нібы ўвагаю нашаю божы сьнег Апаганіць сябе ня хоча.
|
|