Адзін яго матыў для кас застаўся, Прыкуты да магільнае пліты, Амаль забіты ветрам, брудам, часам, Амаль нямы. Але – амаль сьвяты. Ад музыкі на камянях магільных Яшчэ ніхто ня марыў, не сьпяваў. Але калісь ад Полацка да Вільні Лятаў той сьпеў і душы чараваў. I напяваў яго ў часы адчаю Мясцовы кампазытар-беларус, Калі сябры і ворагі маўчалі, Ствараючы маўчаньнем тым хаўрус. Ім Бог даўно адмераў выкупленьне Там, дзе ні сьлёз, ні сьмеху не стае. Прыдушаныя музыкай каменнай, Сьпяць Беларусь і крэўны сын яе, Пакуль аднойчы людзі шчырым сэрцам Не адшукаюць музыку сваю... ...I будзе дзень, і неба скаланецца, Сьвет змоўкне. I каменьні запяюць.
|
|