Дробны дожджычак-дожджык, Верасьнёвы, начны, Насылае і доўжыць Супакойныя сны. Ад зьмярканьня шапоча Па маім будане. Мабыць, шэптамі хоча Супакоіць мяне. Знаю, дожджычак дробны, Ціхай ласкай такой Многім вернеш ты добры I настрой і спакой. А мяне супакоіць Толькі тая адна, Што душу маю колісь Азарыла да дна. Толькі тая, што потым, Прашаптаўшы «люблю», У адвечных турботах Мне адкрыла зямлю. Толькі тая, што ўрэшце, Расквітнеўшы, як квет, У шчасьлівай усьмешцы Мне адкрыла сусьвет.
1992
|
|