Вар’ят ідзе празь людны пляц. Спадобіў Бог вар’ята. Глыбока ў сэрцы – скарга-плач, А на абліччы – сьвята. Глыбока ў сэрцы – золь імжы, Гнятліва, непагодна. А выгляд – быццам на душы I лёгка, і свабодна. У зрэнках многіх – злосьць і страх, Зайздросьлівае штосьці, Ну, а ў ягоных у вачах – Ні зайздрасьці, ні злосьці. Знаёмца-злыдня напаткаў На ўскрайку тратуара – Як дружбаку, руку надаў, Сказаў: «Здароў, пачвара!» I – на чырвоны сьветлафор, Праз гулкую палосу, Праз сто гудкоў – наперакор Усім прысудам лёсу. Яшчэ й сьмяецца, херувім!.. Гэй, фурманы ў калясках! Прытармазіце перад ім, Ня зьбіце, калі ласка! Ня дайце здарыцца бядзе!.. Бо як яго ня стане – Хто ж тую песьню вам складзе, Што дна душы дастане?
1992
|
|