РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я вас любіла
Памяці Ліпы
 
У дамавіне, ўсланай палатном,
Акаймаванай крэпам і мярэжкай,
Яна заснула непрабудным сном
Зь ледзь-ледзь прыкметнай на губах усьмешкай.
 
Яе надзіва маладжавы твар,
Бязь сьледу мук і без маршчынак жорсткіх,
Ня страціўшы зямнога хараства,
Прыдбаў якойсьці іншай прыгажосьці.
 
Высокае адкрытае чало
Красою вечнасьці ўжо аддавала.
I нешта царственнае ў ёй было,
I штось ад Маці Боскай праступала.
 
Яе спакойны, чысты, як абраз,
Застыглы воблік, перад сьвечкай з цэрквы,
Як быццам гаварыў да ўсіх да нас:
«Ня плачце!.. Гэта лепш, чым боль нясьцерпны.
 
Вы знаеце, як я хацела жыць,
Каб радавацца вам – я вас любіла.
I каб у Бога літастць заслужыць –
Усё, што ўмела, для дабра рабіла.
 
Я дажывала дні свае з мальбой,
Каб лёс да вас быў болей літасьцівы.
I не бяда, калі душы маёй
Аднойчы вы ня клікнеце ў гасьціны.
 
Я не пакрыўджуся... Далёка, там,
Дзе ўсё пад знакам вечнага прычасьця,
Я буду думаць, што напэўна ж вам
Бог большай мераю адмераў шчасьця».
 
1997, травень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.