РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На могліцах
Старыя вясковыя могліцы,
Дзе ўранку, і днём, і ўначы
Сосны зь бярозамі моляцца,
Вартуючы вечны спачын.
 
Тут, тут, у надзеях на лепшае,
I моладзь, і людзі ў гадах,
«Дзядам» аддаюць належнае, –
На ціха-журботных кладах.
 
Што праўда, журбы тут паменела,
Як горад амбітны прыйшоў:
На мармур з гранітам заменена
Драўляная скруха крыжоў.
 
I як у сталіцы рэч марная –
На шыльдах Радзіму шукаць,
Так тут на граніце і мармуры
Таксама яе не відаць.
 
Ніводнага тэксту, ніводнага –
На мове дзядоў, што ў зямлі!
У памяць аб родных – ня з роднага
Пісьмоўніка словы ўзялі.
 
Ня родныя словы і мовяцца
У дні памінальныя тут...
А сосны зь бярозамі моляцца
За тых, хто ўжо збыўся пакут.
 
1999, чэрвень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.