РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мастак
Аляксею Марачкіну
 
Спаткаў мастака я,
кашмарнымі змучаны снамі,
I стаў яму плакацца:
«Што ж гэта сталася з намі?
Нядобрае нешта!
Ня так мы жывем, беларусы!..»
А ён мне і кажа,
усьмешкай рассунуўшы вусы:
«Пагляньце, як хораша
сонца ўзыходзіць над паркам!
Як хмаркі паланіць!
Як неба залоціцца ярка!
А тыя, што нашай свабодзе
магілу капаюць, –
Нізрынуцца ў яміну самі
і ў ганьбе сканаюць!..»
 
Празь месяцаў колькі
мы стрэліся зноў на праспэкце,
I зноў я гатоў быў
упасьці ў няпрошаны скепсіс.
А ён мне і кажа,
спыніўшы мяне на паўслове:
«Пагляньце на гэныя клёны
ў агністай абнове!
Пагляньце, які туманок
устае над ракою!
А тыя!.. – махнуў ён
зь відочнай пагардай рукою, –
Папомніце: схлынуць і згінуць
брыда і звырода,
Што прагнуць забрудзіць
святыні і гонар народа!..»
 
А сёньня... I сёньня
настрой у мяне быў сірочы,
I я, не хаваючы смутку,
зірнуў яму ў вочы,
А ён усьміхнуўся
і жальбы ня даў мне разводзіць.
«Вы гляньце, вы гляньце,
якія жанчыны праходзяць!
Якія красуні!
З такімі мы права ня маем
Ні хныкаць, ні хліпаць –
адно мілавацца наўзаем!
А ўсе запраданцы і юды,
прапахлыя псінай,
Павесяцда ўсе на балоце –
на ўсохлых асінах!..»
Руку мне націшуў на ростань
і зьнік у натоўпе.
I дзіўнае дзіва –
я іншым пачуўся настолькі,
Што ўжо і ня скрушна,
і ўжо я рэальнасьці рады,
Стаю і любуюся,
нібы зь ягонай парады,
Як сонца садзіцца за дахі, –
нясьпешна, бы ў стоме,
Як казачна ў парку
зьліваюцца цені ў сутоньне,
Як бела-ружовыя хмаркі
ў рацэ карагодзяць,
Як вабна, як гожа і годна
жанчыны праходзяць!..
Ну хай сабе міма,
ну хай на спатканьне з другімі –
Малюся, каб Божая воля
трывала над імі,
I веру, што годнасьці іх
сатане не адолець,
Што ласку яны
запраданцам і юдам ня дораць.
 
2001, кастрычнік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.