Між калег, крутых і порсткіх, Я – апошні на паяўцы, Хто насіў са зрэб’я порткі, Фарбаваныя ў рудаўцы. Так, іх шылі мне са зрэб’я. А каб выгляд мелі файны – Фарбаваць было іх трэба У рудой балотнай твані. Вось іх мама й фарбавала У імшарным іржавіньні. Як я ў іх фарсіў, бывала, – Зразумець вы ўсё ж павінны. Як ішоў я па дзядзінцы – Мне ўвесь сьвет тады зайздросьціў. Больш, чым вам у новых джынсах У зялёным тым жа ўзросьце. Пэўна, больш. I больш я імі Даражыў. Хаця б за тое, Што другіх ня меў. Аднымі Быў шчасьлівы пагатове. Памяць, сьвенчаная ў горы, – Штука, знаеце, такая, Што каторых-некаторых Аж па сьмерць не адпускае. I дыктуе ўсё ім: густы, Меркі, прынцыпы, пагляды. Бо – датуль і беларус ты, Покуль помніш лёс пракляты. Ну, а іншых цешыць, жывіць Дух зусім-зусім інакшы. Памяць фарбамі чужымі Перакрэсьлілі крыж-накрыж. I шыкуюць, духу продкаў Пасьпяхова рады даўшы... Я – ня зь іх. Я – родам з порткаў, Фарбаваных у рудаўцы.
Кастрычнік 2006 г.
|
|