Мая дзіцячая рэпліка з гадоў акупацыі да ўчарашняй дыскусіі мужоў сталых
|
Напярэдадні Дня Перамогі у гэтым, 2007-м, знаўцы гісторыі нашай дыскусію распачалі – у свабодным эфіры: ці справядлівай ці несправядлівай была барацьба беларусаў супроць акупантаў нямецкіх? Ці трэба было беларусам ісьці ў партызаны, падтрымліваць іх, адзяваць і карміць, абмываць і лячыць – і помсту праз гэта прымаць ад нямецкага войска. «А гэта, вы знаеце, як паглядзець на вайну і на мэту змаганьня», – пратарарэкаў спакойна, разважлівым тонам адзін дыскусійнік. «Так, так, – пагадзіўся яго суразмоўнік, па дыхту відно – тарарэка запраўскі. – Адзінай высновы няма, бо залежыць – якою хто праўдаю мерае. Што вёскі гарэлі з жывымі людзьмі – гэта дрэнна, вядома. Але – гэта наша ацэнка. А тыя, што гэта рабілі – рабілі з упэўненасьцю, што праўда на іхным баку і што супраціў учыняць ім няможна. Ёсьць праўда і праўда, і хто можа сёньня сказаць: справядліва ці несправяддіва?» Так разважалі дарослыя, адукаваныя людзі. Я слухаў – і мушу прызнацца: мне вельмі зрабілася сумна. Госпадзе Божа мой! На беларускай зямлі – на зямлі Трасьцянца, Калдычэва, Хатыні, Азарычаў, «Ямы» – ім пра такую і гэткую праўду і льга тарарэкаць!.. Год сорак трэйці. Сярэдзіна ліпеня. Грузны мардаты жандар допыт здымае зь мяне – аплявухай, цяжэзнай, як пральнік дубовы, раз і другі, а пасьля – падкаваным жалезамі ботам. Я ляжу (мне дванаццаты год), непрытомны, на пыльнай дарозе і, бы ў сьне, чую лязгат затвора й імгненна расплюшчваю вочы: у твар мне глядзіць чорным колцам бліскучым сталёвае дула. Я хачу падхапіцца, а сілы няма, і ад жаху крычу безгалоса: «Дзядзечкі! Міленькія! Вы пра што тарарэкаеце? Пра якую – такую і гэткую – праўду?» Сорак трэйці. Набраклы дажджамі, разбухлы кастрычнік. «Немцы! Немцы! Хутчэй уцякайце!» – крычаць і бягуць праз балота, да ўзьлеску, мужчыны. За дарослымі ўсьлед я таксама бягу па куп’істым балоце, задыхаюся, падаю, ногі правальваюцца па калена ў дрыгву, адстаю, усё больш адстаю, адчуваю: ня зьбегчыся мне, не ўцячы, не ўцячы, і, ахоплены жахам (о, жах неўратунку!) штосілы крычу безгалоса: «Дзядзечкі! Міленькія! Вы пра што тарарэкаеце? Пра якую – такую і гэткую – праўду?..» Травень сорак чацьвёртага. Пушча дрымучая. Дзіч векавы. Сяджу між кустоў багуну, у сьцюдзёнай рудаўцы па грудзі. Ногі нямеюць і дзеравянеюць ад лютага холаду, іх ломіць нясьцерпна-пранізьлівым болем, ды мушу маўчаць, бо нельга заенчыць, бо ўчуюць, праходзячы поблізу, карнікі. I ўсё ж я крычу – з той рудаўкі, з той багны ў дзічы векавечным: «Дзядзечкі! Міленькія! Вы пра што тарарэкаеце? Пра якую – такую і гэткую – праўду?..» Наіўны хлапчук быў. Таму і крычаў: ну а раптам пачуюць? А раптам пачуюць і ўспомняць пра суд у Нюрнбэргу?..
2007
|
|