Па загадзе беларусажэрцаў
|
Памяці Ф. Аляхновіча Думаў, схаджу: пагарую, але ж і парадуюся, у тэатры на вечары, Яго нараджэньню, яго юбілею, яго ўсенароднай любові прысьвечаным. Думаў, нарэшце, нарэшце, дзяржава й грамадскасьць як трэба ацэняць Волата-майстра крынічнага слова на першай асьвенчанай сцэне. Хоць са спазненьнем вялікім, а ўсё ж аддадзім, аддадзім мы Даніну павагі і ўдзячнасьці слаўнаму сыну Радзімы. Дык аддалі, аддалі... Як і ўсім яго брацьцям... Ні слова, ні гуку – Ні на падмостках, ні з тэлеэкрана, ні з хваляў эфіру, ні ў друку. Помню, помню, было... У газэтцы ляснога райкама чыталі, Што выканаўцы «народнае помсты» і ў Вільні дасталі Аўтара кнігі, на сьвет нашумелае, – «У кіпцюрах ГПУ»: Ноччу забойца пранік у кватэру і стрэліў яму ў галаву. «Вось, атрымай незалежную дэмакратычную Крывію, дзеля якой Ты ўсё жыцьцё парушаў наш прывольны імпэрскі спакой!» Так быў забіты пісьменьнік-пакутнік, пісьменьнік-легэнда – Прыклад высокі і ўзор беларускага інтэлігенга. Гэнай парой, пад нямецкай навалай, у часе крывава-крутой калатнечы, Тайны загад «асабоўцам» прыслала Лубянка, да жудасьці нечалавечы: «Немцаў то мы разаб’ем і прагонім, тут ясна, няма і пытаньня. Трэба хутчэй як мага пасьпяшацца і вынішчыць, выбіць дазваньня Тых беларусаў, што маюць крывіцка-ліцьвінскую памяць I даражэй за жыцьцё сваю мову крывіцкую ставяць. Каб нам ніякага клопату зь імі пасьля перамогі ня мець – Біце цяпер іх, асуджаных нашай імпэрскаю воляй на сьмерць!» Дык жа і білі! Дзе толькі дастануць – пускалі нявінную кроў З кніжнікаў, школьных настаўнікаў, з мудрых асьветнікаў і сьвятароў. I сьвятароў... Ну, а далей – як у казцы: дзе ўклала гвалтоўная сьмерць аднаго – Там трое паўстала – і з духам, і зь верай, і з мовай народа свайго. Дзе трое нявінных, у муках, гвалтоўную сьмерць прынялі – Там дзевяць паўстала – і з духам, і зь верай, і з мовай бацькоўскай зямлі. Дзе дзевяць гвалтоўнаю сьмерцю паклалі на доле, палітым крывёй, – Там сотня паўстала – і з духам, і зь верай, і з мовай Краіны сваёй. Дзе сотня гвалтоўнаю сьмерцю лягла – там паўстаў, там падняўся народ, – I духам, і верай, і мовай – крывіцка-ліцьвінскі на тысячы год! Чаго ж дасягнулі забойцы? Вечнае ганьбы сабе.
Сакавік 2008 г.
|
|