 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Сяўба
|
Беларуская балада. XX стагодзьдзе
|
На папялішчы, на пачарнелым Яна сядзела – жанчына ў белым; На чорнай пляме відна здалёку, Нібы цяпельца ў халодным змроку, Ля галавешак – былога ганка – Сядзела ў одуме партызанка. А навакола вясна буяла, Трава пад попелам бушавала, Трава рассоўвала ўбок вугольле – Жыцьцё ірвалася зноў на волю. I ўжо фашыстаў – нідзе, нікога, Ідзе, вяселіцца перамога, I ёю пахне усё на сьвеце: Лісьцё і неба, зямля і вецер, I папялішча, дзе каля ганка Сядзіць у одуме партызанка. А на каленях – дзіцячай жменькай – Ляжыць вузельчык, такі маленькі, Дзе зьнемагае ўжо столькі летаў – Сяўбы чакае насеньне кветак: У садку сваім семя тое Яна сабрала перад вайною I з таго часу з сабой заўсёды Яго насіла ва ўсе нягоды, Як талісман той блюла на радасьць: Зь ім прахадзіла яна блякады I праз балоты яго, сухое, Як порах, несла над галавою – Збудзіць баялася ў ім, ціхмяным, Бучную сілу жыцьця зарана. Бо калі зерне ды прарастае, Хто ў вузялочку яго ўтрымае?! Яна разьвязвала дужа рэдка Вузельчык гэты, дзе млелі кветкі. Упершыню яго разьвязала. Калі мужа свайго хавала – У маёвае тое раньне Сябры прынесьлі яго з заданьня... Закрасаваліся на магіле Зноў кветкі тыя, што так любілі Іх даваенны гарод, каторы Яны, зьвязаныя нават, сьнілі... Тады ў вузельчык сыпнуўся порах (Яна набоі рабіла мальцам, I парашынкі прыліплі к пальцам). А ў другі раз насеньне брала, Калі сына свайго хавала – Яго прывезьлі з цяжкога бою З ацежалелаю галавою... Зачырванелі над хлопцам макі... А ў вузел трапіў панюх табакі (Крышыла маці табаку мальцам, I парашынкі прыліплі к пальцам). А ў трэйці раз яго разьвязала, Калі дачушкі малой ня стала, Яе заняньчыў касьцісты голад – Яна памерла ў блякадны холад. I засталося дзяўчо ў той высьпе, Над выспай кветак гародчык высьпеў, А ў вузялочку запахлі крошкі. (Дзяўчынка хлеба прасіла трошкі, Зьбіралі крошкі ўсе па кішэнях, Сабралі крошак цэлую жменю, Ды толькі позна – дзяўчо згарэла...) Таму сягоньня на пачарнелым На папялішчы вясновым ранкам Сядзіць самотная партызанка... А з вузялочка, што у прыполе, Зярняты прагнуць упасьці долу – Як цягне, цягне іх да зямліцы, Каб абудзіцца, празь дзёрн прабіцца! Вось партызанка ўзьнімае вочы, Яна разьвязвае вузялочак, Нібы пупышка – набухлы гэткі... – Ўзыходзьце, кветкі, буяйце, кветкі! Не асыпайцеся вы ніколі – Перамажыце той чорны колер, Які зялёным, вясновым ранкам Сустрэў няветліва партызанку. А калі можаце – хоць бы трошкі!– I вы ўзыдзіце, хлебныя крошкі. Як будзе голад – і ўдзень і ўночы Хай лазяць дзеці у мой гародчык! Яшчэ прашу я – ўзыходзь, табака! Я зацягнуся табой са смакам, Бо я прывыкла курыць задужа – Куру за сына, куру за мужа... I толькі порах – мой даўні вораг, Не узыходзь, не дамешвай гора! Зьвяжыце моцна яго, карэньні, – Хай задыхнецца ў зямных скляпеньнях... На папялішчы на пачарнелым Яна хадзіла – жанчына ў белым... На чорнай пляме відна здалёку, Нібы цяпельца ў халодным змроку. Ля галавешак – былога ганка – Кветкі сеяла партызанка.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|