РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тры песьні

Прысьвячаю Я. Коласу

 
Эх, скрыпачы з салаўінымі песьнямі,
Хлопцы,
                  дзяўчаты мае,
                                                  маладзіцы!
Трэба было б пра жыцьцё саламянае,
Трэба было б галасіста заліцца!..
Перш прывітаем загоны мы родныя,
Рэкі свае прывітаем, азёры,
Ветру напевы на струнах свабодныя,
Поле, бары, пералескі і горы!
Потым мы пойдзем палямі, далінамі,
Там, дзе блакіт
                                над зямлёю сагнуўся,
Пойдзем шляхамі паднебнымі, сінімі,
Лірнікі і песьняры Беларусі...
 
Першую песьню сьпяём салаўіную.
Дайце цымбалам размаху,
                                                          разгону!
Можаце казкай назваць ці былінаю
Песьню аб чорным,
                                            крывавым прыгоне.
Помніце, як упрагалі нас тройкамі,
      Як бізуном не адзін быў забіты,
      Як разьязджалі калісь прыганятыя
      I катавалі айцы-езуіты...
      Плакалі з гора, як вербы зялёныя,
      Маткі,
                    сіроты,
                                    дзяўчаты,
                                                          удовы,
      Цягнучы путы цяжкія з праклёнамі,
      Нізка схіляючы плечы, галовы...
 
Можа, ня хочаце слухаць мінулае,
Тое, што сохамі пераарана?
Можа, ня хочаце песьнямі, струнамі
Рваць і старыя, і сьвежыя раны?
Платы ня прымем за песьні вясёлыя!
Досыць, калі мо’ над струнамі самі,
Ўсе беспрытульныя, босыя, голыя,
Рукі падымеце вы з тапарамі!
Мо’ баіцёся і вуснамі сінімі
Ў спадчыне гора пакінеце ўнукам?
Верым, што знойдуцца сілы арліныя,
Грудзі ахвярныя, моцныя рукі!
 
Песьню другую сьпяём, весялейшую,
Шырака, з захаду і аж да ўсходу;
Хмары павісьлі над краем цямнейшыя,
Хмары над хатамі і над народам.
Кажуць – зрачыся курганаў і спадчыны!
Кажуць – ісьці нам у сьцюжу, у слоту!
Хочуць, каб песьні забыліся матчынай!
Пад акупанцкім схіляліся ботам.
Хочуць, каб самі капалі магілы мы,
Самі, братам сваім,
                                          сёстрам і дзецям;
Хочуць, каб вечна слугамі былі мы ім
I жабракамі хадзілі па сьвеце...
 
Гэй, скрыпачы, песьняры галасістыя!
Што, можа, струны парваліся, змоўклі?
Струны ня простыя, а серабрыстыя
I каляровыя, быццам вясёлкі?
Нас не вініце, што граем нявесела, –
Песьня ня ходзіць яшчэ скамарохам!
Можа, адным яна голавы зьвесіла,
З намі ж ідзе яна ў сьвет бураломам!
Зноў запяём мы ад зораў, расьсеяных
Густа над нівамі ў шэрую восень;
Можа, ад казак,
                                  што снамі навеяны,
Ад прыдарожных бярозаў і сосен...
 
Ёсьць дзьве дарогі у полі ды польныя...
Пойдзеш адной –
                                      будзеш гнуцца ў няволі;
Пойдзеш другой –
                                      будзеш днямі ты чорнымі
Цяжка змагацца за лепшую долю...
Ты пераможаш,
                                  і раны пакутныя,
Раны і межы краіна залечыць,
Плечы расправіць шырока магутныя,
Прыйдзе народ на вялікае веча.
Сонцам зазвоняць палеткі ўзараныя,
Закаласяцца густымі жытамі;
Ворагам лютым магілы стаптаныя
Новыя вёсны асыплюць вянкамі!..
Гэй, песьняры з салаўінымі песьнямі,
Хлопцы,
                  дзяўчаты мае,
                                                  маладзіцы!
Слухайце!
                      Можа, ўжо сёньня прадвесьнямі
Звоняць пад лёдам жывыя крыніцы!
А перад намі дарожанькі родныя,
Шэрыя вёскі,
                            бары і азёры.
Сэрцам,
                  грудзямі вітаем свабодныя
Дні і напевы на родных прасторах.
Сёньня ідзём мы далей каляінамі,
Там, дзе блакіт над зямлёю сагнуўся...
Слухай!
                  З Усходу шляхамі гусінымі
Вырай ляціць на палі Беларусі!
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.