РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Лясы, лясы і пералескі,
Ды непралазныя кусты;
Лістом завеяныя сьцежкі,
I сініх зораў дождж густы.
 
Я ціха гутару з дарогай,
Што успамінамі лягла.
Над адзінокім ціхім стогам
Дыміцца сіняя імгла.
 
А месяц-жораў адзінокі
Дзяўбе атаву, ліст сівы,
I вецер вее сінім змрокам,
Дрымотай веюць паплавы.
 
Паслалі вы, лясы, разоры,
Свайго аратага, касца
На пляцы вуліцаў у горад
Падняць брук шэрага жыцьця.
 
Ды, пэўна, думалі:
                                        забудзе
Дарогі, сьцежкі і пяскі...
Мае і сёньня, чую, грудзі
Калышуць вашы трысьнікі.
 
Ня раз радню сваю пытаю
Пра ураджай і сенакос:
Ці лебяда яшчэ сівая
Расьце ня вырванай з палос?
 
I сьняцца нівы, пералескі,
Ды непралазныя кусты,
Лістом завеяныя сьцежкі
I сініх зораў дождж густы.
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.