РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня кулікоў
Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай,
Цішыня ў хаціне згорбленай, старой,
Ды гарыць памалу ноч даўгой лучынай,
Сьцелючы сасновым дымам і смалой...
Часам вецер дрэвы, зачапіўшы гужам,
Доўга іх пілуе месяца сярпом
I снуе на плоце белы сьнежны кужаль
З доўгай сьнежнай песьняй за сьляпым акном.
Дымна ў печы дровы і карчы палаюць.
Зайцамі кладуцца цені на сьцяне.
Пеніцца сярдзіта бульба, закіпае
Сьнежнаю завеяй ў чорным сагане.
 
– Ну, садзіся з намі! – дзед стары гаворыць
I акраец хлеба чорнага кладзе.
– Наарфуе сьнегу, бы мякіны горы,
Ні праехаць полем, ні прайсьці нідзе...
Сам, відаць, далёкі... не з блізкіх аколіц,
Не з-пад нашых, пэўна, саламяных стрэх...
Ды апранут слаба – зьмерзьнеш недзе ў полі;
Хоць на лаве мулка, перасьпі начлег!
Бачыш: у нас голад, жыць нялёгка, браце,
Хлеб на стол кладзецца толькі для гасьцей.
Добра, калі хопіць бульбы ў нашай хаце
Да вясны, да першых з выраю гусей...
 
Час такі нядобры. Зь першых дзён марозу
Маладых нямала ў турмы павялі.
Шмат разоў, напэўна, шэрыя бярозы
Сьлед іх белым ветрам ў полі замялі.
Каб далі вучыцца нам на мове роднай,
Ўсе мы дамагаліся грудзьмі...
Я ўжо хутка лягу пад сасной зялёнай, –
Што, скажы мне, будзе з нашымі дзяцьмі?
 
У кутку, на нарах, на старую кніжку
Ціхі голас льецца і чупрыны бель;
Сумна з маладзіцай над малой калыскай
Ўсхліпывае песьняй белая мяцель.
– Сьпі, засьні, маленькі!..
                                                        – Што, мужык на працы?
Кажаш, у астрозе? Дзесяць год далі?!
– Сьпі, засьні, саколік! –
                                                      Быццам дождж гарачы,
Так з вачэй у маткі сьлёзы паплылі.
 
– Я, стары, таксама з-пад страхі сялянскай,
Быў і там, дзе сёньня твой гаруе сын...
Шмат сьлядоў пакінуў на дарогах гразкіх,
На скрыпучых струнах белых палазін...
 
– Сьпі, засьні, маленькі, родненькі саколік!
Ну, ня плач, мой добры!..
                                                          Слухай: ля ракі
Не мяцель галосіць на заснуўшым полі,
А ў імгле зблудзілі, пэўна, кулікі...
 
I стары ўздымае выцьвілыя вочы:
– Ну скажы, ці доўга гэта будзе так?
Сеяць усё сеем – з рана да паўночы,
А зь бяды ня можам выбрацца ніяк.
I ў нас цёмна, змрочна, толькі час ад часу
Загарыцца сонца паміж нашых стрэх,
Ды сядзім паўгода над галодным квасам,
Нашы сьцежкі ў полі замятае сьнег...
Кажаш – ужо хутка выпрастаем плечы,
Кажаш аб шырэйшых нівах, аб вясьне.
Вось і я, здаецца, вылез бы з-за печы,
Хай пакліча толькі моладзь і мяне.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
За разьбітай шыбай стогне вецер глуха,
Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі...
– Сьпі, засьні, маленькі... або лепш паслухай,
Як, зблудзіўшы недзе, плачуць кулікі...
 
Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай,
Цішыня ў хаціне згорбленай, старой;
Ціха дагарае ноч даўгой лучынай,
Сьцелючы сасновым дымам і смалой.
Пад разьлівы песьні хмарыць сон гарачы.
– Сьпі, засьні, мой добры... слухай... ля ракі...
Ды і мне здаецца, што ў імгле, няйначай,
Не мяцель, а плачуць недзе кулікі.
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.