РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ураклі, матуля, сына твайго людзі,
      Ураклі загоны і палі,
Як у шоўк вясновы прыбіралі грудзі
      Шэрыя бярозы, тапалі.
 
Ураклі і вочы сінія краіны,
      I зялёнай руні дываны, –
Нехта ў маё сэрца, сеючы, закінуў
      Залатыя шолахі вясны.
 
Сёньня не памогуць лекі ад урокаў,
      Ні твае малітвы да зары,
Не засну, як даўна, поўначчу глыбокай
      Зь сінякрылым рэхам у бары...
 
Нават пад курганам чуў бы звон далёкі,
      Як напевы песьняў каласяць тугой,
Як скрыпяць калёсы ў полі адзінока,
      Пад цяжкой сялянскаю бядой.
 
Вось спачну мо' трохі ў туманох вішнёвых,
      Затапіўшы вочы ў дальнюю зару,
I далей пайду я празь лясы, дубровы
      Па тваіх дарогах, Беларусь.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.