РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Памірала яблыня дзікая
ў чыстым полі на мяжы,
дзе ня раз з гусінымі крыкамі
вецер голасна тужыў.
 
Маладой нядоля ёй выпала:
зябра белая спляла,
ліст, як сьлёзы, рана асыпала, –
ліст сабрала гавыла.
 
А з палёў зімой ашалелыя
падымалі вятры пыл,
замяталі яблыню белую,
хатаў шэрыя снапы...
 
Над скрыпучымі палазінамі,
як шарахаўкі заснуць,
часам ў ночы зорна-сінія
сьніла яблыня вясну.
 
I калі паплылі крыніцамі
дні зьвінячыя з палос,
калі жаўранкі і зь сініцамі
разбудзілі вербалоз, –
 
расьцьвіла яна пад напевамі...
Захацела забялець,
над палосамі зрэбна-шэрымі
ў п'яным цьвеце дагарэць, –
 
як гарыць трава ды ад холаду,
песьня звонкая – ад сьлёз,
ці крушыніцца часам моладасьць
між вузкіх дарог, палос...
 
21.V.1937.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.