Чакаем сонца. Сьцелецца туман, Плыве з палос рунеючых, па горах, На дрот заснуўшы, на густы паркан, I тонуць цені стражнікаў і зоры. Павук жалезны пераплёў акно. А мы гімн сонцу пішам на граніце. I кожны раз, як загрыміць зьвяно, Па камню прабягаюць бліскавіцы. Пакуль угледзяць – бурай веснавой Напеў наш, будзячы зару, празвоніць, Пакуль заглушаць – іншыя вясной, Устаўшы, песьню высекуць з бэтону. I хто б з дарог этапных ні прыйшоў, Шрамы пазнае, зьмест іх адчытае I не засьне!.. I будзе ноччу зноў З-пад зьвеньняў цэгла сыпацца сырая.
1939
|
|