РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
«На Беларусі Бог жыве», –
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сьцьвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сьцьвярджае
Упартасьць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусьвет.
Тую праўду сьцьвярджае
Ўсё зноў і зноў
Ўсім лёсам, –
Няхай спакваля, –
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын, –
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзьвярэй,
Гэты край –
Твой дом і сабор...
Ў нас дваццаць зь лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсьць што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсьць нам дзе
І ворага ўтапіць.
І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
«На Беларусі Бог жыве...» –
І хай сабе жыве.
А калі ён шле на нас кару і гнеў, –
Ну што ж, – мы зь ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка зь неба б’е.
 
У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
Маланка ніколі ня б’е.
 
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі Бог жыве», –
І няхай давеку жыве.
 
5.VII.1980. 14 г. 4 хв. Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.