Добра было б, каб хто іншы пачаў Гэты напеў, бо і так па начах Клічуць мяне, ля расстайных дарог, Сосны, якіх я ад куль не зьбярог, Нівы, якіх ад ліхіх навальніц Мне не ўдалося грудзямі закрыць, Зоры, якіх ад пажару вайны Ў час я далонямі не засланіў, Попел радзімы і цені братоў З-пад незарослых магіл-курганоў. Толькі сягоньня спраў кожнаму шмат: Коласу – вырасьціць жменю зярнят, Сонцу – стаптаныя травы падняць, Ветру – акопы пяском зараўняць, Хмарам – дажджамі зямлю напаіць, З выраю птушцы – гняздо сваё зьвіць. Мне ж трэба нанава ўсё пачынаць, Ўсё: ад сасновага зруба, зьвяна Аж да вясельных шырокіх сталоў, Аж да пахмельных цымбал і смыкоў. Не ўпершыню так прыходзіцца мне, Але я верны прыкмеце старой: Каб не зьвяліся снапы у гумне, Пчолы – ў вульлі, госьці – ў хаце маёй, – На папялішчах вышэй, як былі, Сьцены ўздымаю і шыру вуглы. На талаку я суседзяў пазваў. Шмат не прыйшло іх. Відаць, не змаглі Ўстаць з-пад прыволжскіх апаленых траў Або вярнуцца з карпацкіх далін. Будзе цяжэй нам бязь іх пачынаць Працу і сьвята і тост падымаць. Можа, яшчэ хто зь іх прыйдзе дамоў Каб паглядзець на прасторы палёў Каб паглядзець на багаты ўмалот, Каб паглядзець на нарогі плутоў, Каб запытаць у сваіх у сірот, Як прытуліў прыгарнуў іх народ. Можа, яшчэ хто зь іх прыйдзе дамоў... Пэўна што прыйдзе... За кожным сталом Мейсца пакінем для нашых сяброў, Чарку пакінем з кіпучым віном, Песьню любімую і паначы, Каб не блудзілі, дамоў ідучы, Вокны у хатах азорым сьвятлом.
1946
|
|