Вось дом і сад, завулак той, Вячэрні цень гатыцкай вежы, Дзе не заўважылі з табой Мы расьцьвітаючага бэзу. А ён, хоць столькі год прайшло, Мая сяброўка дарагая, Усё запомніў, паўтарае, Што намі сказана было. Што дасказаць нам не далі Панарскія крутыя горы, I салаўі каля Вільлі, I ападаючыя зоры. Прыйшоў вандроўны музыкант I атуліў усіх жалобай; Забразгала ў яго руках Скупых мяшчан скупая дробязь. Але напеў, які раней Зьвінеў ля нашага парога, Такім далёкім здаўся мне, Як рэха зь берага другога. Таму спытаў я: – Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? I адказаў мне старажыл: – Былі гаспадары, вядома, I гэты бэз іх і вішняк (Сад, праўда, быў тады гусьцейшы)... Яшчэ тут нейкі жыў дзівак, Пісаў, казалі людзі, вершы.
1946
|
|