Дзень шэры быў. Плылі над намі хмары. Дождж марасіў Па верасах густых. Але мы ў час Прыехалі на Нарач, У спрэчку хваль I сосен векавых. Грымела Нарач Гатаўскаму бору: – Дарэмна ты Пільнуеш курганоў, Аддай маім Усьпененым прасторам Спачыўшых пад крыжамі Рыбакоў! Не аддасі, – Я днём і ноччу буду Іх шумам, Крыкам кагарак будзіць, Рваць з-пад тваіх карэньняў Жвіру груды I ў берагі крутыя Хваляй біць! А бор шумеў: – Я не аддам табе іх. Яны мае, З маёй жывой сасны Калыскі іх I хаты, што чарнеюць, Крыжы I востраносыя чаўны!.. Змагаліся дзень цэлы Бор і Нарач, Ды хвалі возера Усё-ж перамаглі. I рынулі у тонь Зялёнай хмарай Падмытыя сасновыя Ствалы. I вечарам, Пры ціхіх, летніх зорах, Мы ўбачылі: Палалі трысьнікі, Плылі ў чаўнах Ад Гатаўскага бору, Устаўшы з валатовак, Рыбакі.
12.VI.1946.
|
|