РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дарагая мая
Дарагая мая, толькі ты адышла,
Абяцаючы зноў на сьвітаньні прыйсьці,
I на шлях твой яшчэ не апала імгла,
Голас песьні тваёй разьвітальнай ня сьціх,
Не пагасла зара тваіх воч над зямлёй,
Не растаяла вуснаў тваіх цеплыня
I, разбуджаныя тваёй лёгкай хадой,
На лугох веснавых травы, кветкі зьвіняць, –
А здаецца ўжо мне, што ты нейдзе – ўдалі
I з хвіліны расстаньня стагодзьдзі прайшлі.
 
I таму я выходжу на бераг круты,
I таму я ўглядаюся ўдаль: можа ты
Белакрылая чайка над сіньню марской,
Хваля, што серабрыстаю пенай зьвініць.
Салаўіная трэль уначы веснавой,
Найярчэйшая зорка, што ў небе гарыць,
Да якой у сустрэчных пытаю шляхоў,
Да якой трэба, кажуць, ісьці шмат вякоў.
Я адправіўся быў у вандроўку, але
Ледзь ня зьбіўся з дарогі ўначы, у імгле,
Ды аклікнула ты мяне песьняй сваёй.
Ты сьмяешся.
Ня знаеш, вярнуўся зь якой
Беззваротнай дарогі на голас я твой.
 
1950
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.