Над пушчаю вецер гудзе, бы ў бядзе, І хмары імкнуцца рысьсю. – Бязьлітасны, чорны вораг ідзе. Бывай, о бывай, Марыся. Тут нельга больш. У адказ на крык Савіны рогат лунае. І душаць мову, і рэжуць язык, І шкаляроў разганяюць. І нават апоўдні на гонях туман, З адчаю хаця задавіся, І сіл няма, і вояў няма, І здрадзіла панства, Марыся. – Куды ж вы ідзеце? Зь лязом па лязу. Ноч. Месяц – і той змарыўся. – Мы пойдзем у пушчу, ў густую лазу, Ў разбойнікі пойдзем, Марыся. – Якая ў вас сіла? Пад ветрам дым? Князь першы – і той скарыўся. – Здабудзем волю, пакажам ім Ці косьці складзем, Марыся. – А што, калі ён ня здыме нагі Зь ніў, што зараз толькі чапае? – Тады мы спалім свае ачагі, Калыскі свае пашчапаем. – О, муж мой мілы! Сьвяты, залаты! – О, бацька мой, праўдай абраны, Куды ж мне ісьці, як загінеш ты? – У пушчу зь сякераю, Яне. – А што як абодва? І ўсё бязь зьмен, Маліся ці не маліся? – Ну што ж, браць табе тады цэп ці бязьмен, І ў пушчу ісьці, Марыся. І месяц між хмар, як адчаю знак, І страшнае ў сьвеце сьвітаньне. Крывавы ўсход. І канчаецца так Балада пра разьвітаньне.
8.II.1984. 20.09.
|
|