Нават сьцюжным зімовым вечарам Або ўвосень, як зьліва лье, Як цябе я на вуліцы стрэчу – Падгінаюцца ногі мае. Што казаць пра майскае раньне, Калі ў росах салоўка б’е? Што скажу я табе, каханы?.. Падгінаюцца ногі мае. Што скажу са сваёй гаротай? Хаты побач, а... кроч ня кроч, Будзе тое ж: салоўка, журбота, Цыгарэтны агеньчык ля плота І маўчанне ў цёплую ноч. Будзе тое ж: начныя лукі Безь сьвітаньня. Салоўка пяе. Пакахай жа, вазьмі на рукі – Падгінаюцца ногі мае.
16.VII.1972. Гадзіна ночы.
|
|