Ой, кароткія ночы ды вясновыя ночы, А яшчэ карацейшы сон трывожны дзявочы. Толькі сьвісьне салоўка – яна ў сад выбягае Паглядзець, як зара ключ зары уручае. Ой, гарачыя ночы ды ліпнёвыя ночы, Калі конікі ў полі востраць косы, стракочуць, Калі кветкі і дрэвы ўсе абмыты расою, Калі песьня цябе кліча ў жыта густое. Ой, туманныя ночы, верасьнёвыя ночы, Калі з дрэў ападае перасьпелы лісточак, Калі нехта праводзіць цябе позьняй парою I ня можа расстацца каля весьніц з табою. Ой, харошыя ночы ды зімовыя ночы, Калі белай дарогай ты ў мяцеліцу крочыш. А сьняжынкі, якія ды на твар ападаюць, Ад агню пацалункаў на марозе згараюць.
1960
|
|