Багі-забойцы за мужнасьць маю Мне пакараньне знайшлі: Сіцылію ўсклалі на персьць маю, Этну – на галаву маю, Морам – ногі мае залілі. Падушка каменная душыць мне рот, Я ня ў змозе ні жыць ні сканаць. Я ляжу. Я ляжу. Дзесяць тысяч год. Я маўчу, нямы і сьляпы, як крот, Але семя мне даў тытанаў народ, І калі пачынае рыкаць народ, Бо ідзе за праўду вайна, – Я ірвуся, ўздымаю скалаў прыгнёт, І падае ў мора сьцяна. І ўстае да месяца край зямлі, І пажар ліжа сонца зьмяёй, І ў моры варацца караблі Ад агню любові маёй.
5.ХІ.1964.
|
|