РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Перад вандроўкай
Кій дарожны выразаецца з дрэва,
Якое не баіцца марозу,
Не захлынаецца ў завею,
Не хмялее ад траў нецьвярозых
I не ўцякае ад сабачай зьвягі,
Ад поглядаў незычлівых,
Ад пустой біклагі,
Ад дзьвярэй маўклівых.
Каптан дарожны кроіцца з надзеі,
З кішэнямі, што дна ня маюць,
У якія зьмясьціў бы ўсе нядзелі,
Ўсе фэсты і хлеба акраец.
А колер яго такі быць павінен,
Каб нельга было адрозьніць
Ад дажджу, ад пылу каляінаў,
Ад барознаў.
А боты дарожныя шыюцца са скуры
Быка-трацяка – моцнай і цягавітай,
З падэшвай цёмна-бурай,
У два рады цьвікамі падбітай,
Каб сьмела было ў іх можна
Ісьці, ня знаючы стомы,
I па восеньскім бездарожжы,
I па схілах стромых.
А песьня падарожная складаецца з шуму
Вятроў і птушынага шчабятаньня,
Зь вясёлых і невясёлых думаў
I нават з маўчаньня...
Каму не да спадобы ўсё гэта,
Таму я ня раю
Вандраваць са мной зімой ці летам
Па роднаму краю.
 
1967
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.