I старая, і крывая Хатачка мая, – Уся зьлеплена, як будка, З аднаго гнільля. На страсе, як на балоце, Зрос зялёны мох; Каты, часам і сабакі Лазяць па вуглох. Па дзьве шыбы у ваконцы, І тыя з лучын, Адны нізенькія дзьверцы, Ганачак адзін. І ў сярэдзіне у хатцы Бедна, хоць ты плач: Непачэсна выглядае, Бо я ж не багач. Яе сьцен не склютавана, Няма ў ёй сьвятліц, З друзу выбіта падлога, Столь яе з драніц. Як увойдзеш – пры парозе З гліны печ стаіць, – На ўсю хату, як ураднік, З-пад ілба глядзіць; А пад печкай – маіх курак Хаткі-катухі, Там, як трэба мне ўставаці, Пяюць петухі. Напроць печы зь дзьвюх пліт жорны, Ля жарон – палок, Над палком тарчыць пад бэлькай Коска і брусок. На куце пад абразамі Стол стаіць, як пан; Дзьве пры ім таўстыя лаўкі I адзін тапчан. Дык во, знайце ж маю хатку, Родную маю! – У ёй цэлы век жыву я, – Ем, працую, сплю, Хоць старая, хоць крывая, З аднаго гнільля, – Не аддам яе нікому, Бо яна мая! Бо яна мая!
[1905–1907]
|
|