РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сватаная
Прыстройся, дзяўчынка-нябожа,
      Так, як у дзянёчак сьвяты,
Галоўку ўчашы ты прыгожа, –
      Сягоньня прыедуць сваты.
 
З гарэлкай прыедуць сягоньня
      Й запоіны будуць твае...
Падумай, куды цябе згоне,
      Куды цябе злы лёс пашле.
 
Падумай, як прыйдзецца жонкай
      Вайсьці да хацінкі чужой,
Зазнацца з чужою старонкай,
      Зьлюбіцца з чужою сям’ёй.
 
Дасьць бацька пасагу: цялушку
      Й свіньню ці авечку зь ягнём;
Дасьць маці выправу: падушку
      Ды кубел стары з палатном.
 
Усё гэта возьме твой мілы,
      Як з купленай, возьме з табой,
А ты будзеш аж да магілы
      I жонкай яму, і слугой.
 
Павінна служыць ты і мужу,
      I ўсёй яго слухаць радні;
На працу, на голад, на стужу
      Зважаць не павінна ані.
 
Ня будзеш чуць ласкавых словак,
      I сьвёкар палае, й сьвякроў;
Прытыкаў ятровак, заловак
      Нап’есься і ўгроз – дзевяроў.
 
Цярпець будзеш многа, ды часам
      Паскардзісься мужу свайму, –
Багаты й сваіх крыўд запасам,
      Ня дасьць рады гору твайму.
 
А гора тваё, напачатку
      Малое, пачне прыбываць,
Як станеш ты зваціся маткай,
      Дзіцё пачне грудзь тваю ссаць.
 
Жаць пойдзеш далёка ці блізка,
      Муж пойдзе араць ці касіць,
З табой йдзе дзіцё, – і калыска
      На полі на козлах вісіць.
 
А вернесься з поля дадому,
      Гаротнае гора тваё!
Пачнеш паглядаць пакрыёму,
      Ці хлеба хоць трохі йшчэ ё.
 
Слуга, жонка, ўрэшце і матка,
      Ўжо знаеш, што трэба рабіць:
Спаўеш у пялёнкі дзіцятка
      I станеш вячэру варыць.
 
I вечна ня знойдзеш спакою
      Ў замужнім бязвольным жыцьці;
Нядоля усьлед за табою,
      Як здань тая, будзе ісьці.
 
Ў дарогу ты выправіш мужа,
      Пачнеш яго з страхам чакаць,
А хоць ня раз поўху і ўдружа,
      Павінна п’янога спаткаць.
 
Каса твая доўгая п’яным
      Патузанай будзе ня раз,
Наб’е сінякоў пад каптанам,
      Зрачэсься дзявоцкіх прыкрас.
 
Прытухнуць ад сьлёз ясны вочы,
      Завяне, паморшчыцца твар,
А ў сэрцы, сягоньня ахвочы,
      Замрэ твой мілосны ўвесь жар.
 
Нявольніка з краю нядолі –
      Гаротнай нявольніцай ты,
Ахвярай ты век без патолі
      Трудоў, беднаты, цемнаты.
 
Ну, што там смутнееш, нябожа?
      Гарэлку пап’еш зараз ты!..
Ідзі ж і прыстройся прыгожа,
      Каб не адракліся сваты.
 
Ўпадоба быць мусе нязьменьне,
      Каб з дому барзджэй паляцець,
Бо дома... і дома ня меней,
      Як замужам, мусіш цярпець.
 
Званкі ўжо зьвіняць па дарозе,
      Вот госьці пад брамай крывой,
Ідуць, вот ужо на парозе...
      Ты плачаш?! Чаго? Бог з табой!
 
Дзяўчынка, ці я цябе песьняй
      Разжаліў панурай сваей,
Што гэтак ліюцца балесна
      Сьлязінкі з прыгожых вачэй?
 
Кінь плакаць і сьмейся! Хай плача,
      Хто песьню нядолі запеў,
Сьвятла хто і ласкі ня бача,
      Хто змалку дзён шчасьця ня меў.
 
Жалобных ня слухай ты шумаў,
      У сілы свае цьвёрда вер
І лепшую долю прыдумай,
      Як гэта, што маеш цяпер.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.