РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З дарогі
Дарогай шырокай, з дарогі нялёгкай,
          Дый многа бязь ліку гадзін,
На кій абапёрты, стары і абдзёрты,
          Ішоў падарожны адзін.
 
Ішоў ён да вёскі, што блізка дарожкі
          У полі пад лесам была;
Там некалі даўна ён жыў добра, слаўна,
          Хам моладасьць-радасьць прайшла.
 
Там кінуў ён хатку, і бацьку, і матку,
          І жонку пакінуў сваю,
І дзетак маленькіх, прыгожых, міленькіх,
          Пакінуў усю там радню.
 
У дальняй старонцы лет многа бясконца
          Пражыў у бядзе ён цяжкой;
Ні шчасьця, ні долі ня бачыў ніколі,
          Бядуючы сьлёзна парой.
 
Цяпер на зямельку, сваю карміцельку,
          Прыйшоў, каб пабачыць сваіх,
Убачыць каб хатку, і бацьку, і матку,
          І дзетак – калісьці малых.
 
Ідзець ён, падходзіць і вёску знаходзіць,
          Таксама, як жыў ў ёй, глядзіць:
І хаты ж такія – гнілыя, старыя,
          Карчомка таксама стаіць.
 
Тут хата Захаркі, там Ёські, Ганчаркі,
          Там Янкава жонка жыве,
Тут кум Давідзёнак, там сват Міхальчонак,
          Там Сорка, што соль прадае.
 
А вот і садочак, а вот і дамочак
          Даўнейшы яго тут відаць,
Во ганак той самы, зь нізкімі акнамі, –
          Будынкі таксама стаяць.
 
Уходзіць у сенцы, аж гнуцца каленцы,
          А сэрца трасецца, баліць:
Што будзе тут скора – ці радасьць, ці гора?..
          Вось дзьверы адпёр і глядзіць...
 
Уйшоў, пазірае, сваіх пазнавае...
          Ах, што ж? Ці пазнае калі?
Аплакаў нябожа і глянуць ня можа:
          Чужыя ужо там былі!..
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.