Ах, Божа мілы, як жа жыць, скажы, Калі наўкола поўзаюць вужы, Калі замест людзей стаяць крыжы?! Ах, Божа мілы, як жа жыць, скажы… Як песні пець, як услаўляць Цябе, Калі паўсюдна ў нашай старане Казаць не скончыў – як ужо ў турме?! Як песні пець, як услаўляць Цябе… Ах, Божа мілы, як жа можна жыць, Калі баішся ты наступным быць У спісу тых, хто пад зямлёй ляжыць?! Ах, Божа мілы, як жа можна жыць… Як верыць ды вучыць сваіх сыноў, Калі, у якую хату б ні зайшоў – Паўсюль партрэт заместа абразоў?! Як верыць ды вучыць сваіх сыноў… Ах, Божа мілы, як Твой сцяг трымаць, Калі яго ўсе прагнуць адабраць, Спаліць, зняважыць, у зямлю ўтаптаць?! Ах, Божа мілы, як Твой сцяг трымаць… Як йсці да праўды, як знайсці Цябе, Калі ўсе кажуць: “Ты жывеш ўва мне!” – А я дрыжу ад страху ў цемнаце?! Як йсці да праўды, як знайсці Цябе… Ах, Божа мілы, нам дапамажы, Бо надакучыла жыць на мяжы! Мы ўстанем – толькі Ты прыйдзі, скажы. Ах, Божа мілы, нам дапамажы!
2006
|
|