З нагоды Першага Мая прысьвячаю сваім прыяцелям і радні, блізкай і далёкай.
Мой родны брат, сястрыца мая, маці, о, колькі дум, слоў колькі сяньня маю... Як люба мне, што ў роднай з вамі хаце п’ю сок вясны у дзень сьвяточны Мая. Празь цьвіль смугі ўсьміхаецца травіца, і рукі дрэў – у новай апранасе... Вясна з прыполу мне дае напіцца пітва інакшага на новым, сьвежым квасе... Зірнеце: вуліцы усе, завулкі ад хмелю гэтага кіпяць у русе. Ніхто й ніколі песьняў звонкіх, гулкіх ня спыніць і скаваць ня змусіць. Над горадам, на сьцёртых сьпінах плошчаў ад раньня – маладжавага – да змроку цалуюць сьцягі нашыя, палошчуць вятры, наровячы ў блакіт высокі. Там зоры зайздрасьцю гараць, іскрацца, мільгаюць, любыя, над шэрым грудам. І лучнасьць нашая тужае ў працы, каб мець жніво на папялішчы рудым. Мой родны брат, сястрыца мая, маці, ад сэрца шчырага пішу адгэтуль: дай, Божа, ўсім у роднай сваёй хаце, як гэты Май, правесьці зь песьняй лета.
Ліпень 1943
|
|