З блакітнай вышыні прыйдзі, малю, хутчэй на землі нашыя, збаўленьня дух раскуты, здымі з грудзей людскіх скрыжованыя путы, спакой вярні душы і бляск былы вачэй. Мы-ж толькі ў цяжкім сьне – у цішыні начэй – п’ем сінь нябёс Тваіх – ня хмель зямной атруты... І разгінаецца касьцяк сьпіны прыгнуты, і песьні сочацца выразьней і званчэй... Ды сон – плыўкі міраж, нязьдзейсны плод вязьніцы, мігне, бы стрэл пругкі агністай бліскавіцы, і ў мур глухі спадзе каля зялезных крат. Зьнікае ўпоруч з ім спадзеў цьмяны збаўленьня: красу вясны жывой настойліва на спад вядзе няўмольная, жывая сіла тленьня.
1949
|
|