РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Навагодні тост
Я прапаную тост за Час!
Давайце ўзьнімем чашы
за Час, працуе што на нас,
на спадзяваньні нашы.
Я прапаную тост за Час! –
за Час, працуе што на нас
настойліва, сумленна,
нястомна і нязьменна!
Парою здацца нам магло,
што Час – ён безудзельны:
не за дабро і не за зло;
што Час – ён ненадзейны.
Мы памыляліся тады.
Бываюць дні бяз шчасьця,
бясчэсьця сумныя гады,–
то паласа бясчасься.
А Час прыходзіць – як зара,
як сьвежы подых ветра,
і адступае хваля зла,
і робіцца зноў сьветла.
Прыходзіць Час,
                            прыходзяць дні,
Час ставіць кропкі ўсе над «і».
Усё на месца ставіць ён.
I называе рэчы –
ня любіць Час ілжэімён –
іх назваю адвечнай.
Хлусьнёю  назаве  хлусьню,
а мітусьнёю – мітусьню,
нядоўгае – нядоўгім,
нядобрае – нядобрым,
нячыстае – нячыстым,
злачыннае – злачынствам.
Тырана так і назаве
тыранам, і вянок сарве.
Нам памагае ўбачыць Час:
тут – толькі попел,
                                там – алмаз,
тут – зерне,
                  там – палова,
тут – пустазвонства гучных фраз,
там – ісьціннае слова.
Я веру ў добры, мудры Час,
як веру ў добры, мудры сказ.
Я ў трудны дзень кажу сабе:
«Нічога, скора Час праб’е,
нічога, прыйдзе скора Час
і ён тады рассудзіць нас!»
Я прапаную тост за Час –
саратніка, сааўтара!
За Час, што працаваў на нас,
за Час, працуе што на нас,
што будзе працаваць на нас,
служыць  нам верна  заўтра!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.