РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Размова з данайцамі
Баюся данайцаў, нават калі яньг
прыносяць дары.
Вергілій
 
Мяне разбудзілі на зары.
Сказалі: данайцы прынесьлі дары.
Данайцы! Вы мне прынесьлі дары?
Вітаю вас, данайцы,
хаця і помню той міф стары.
Давайце дары, давайце!
Ня раіў браць іх адзін жрэц,
засьцерагала прарочыца,
даваў парады адзін мудрэц,
ды мне ім верыць ня хочацца.
Ня хочацца мне вас падазраваць,
вашы дары і словы.
Ня веру, што вы прыйшлі ўзрываць
сьцены мае і асновы.
Была гісторыя з тым канём.
Так, абхітрылі вы Трою.
Ды трэба жыць не ўчарашнім днём,
а заўтрашнім настроем.
О, ёсьць майстры падазраваць,
глухую варожасьць падаграваць!
Знаюць: у мутнай вадзіцы
іх рыбка павінна вадзіцца.
Яны ня любяць простай яды.
Давай ім вострыя стравы.
I вараць рыбку тую яны,
апосталы змрочнай справы.
А я не хачу падазраваць.
Давайце, данайцы, сябраваць!
Падазраваць –
                        не маё рамясло.
Я толькі магу западозрыць,
што падазронасьць –
                                    гэта зло,
якога з нас ужо досыць.
Яшчэ падазрэньне ў мяне ёсьць,
што сябар ёсьць сябар,
                                      а госьць ёсьць госьць.
А што – калі зьявіцца вораг?
Для ворага зброя ў мяне ёсьць.
для ворага ёсьць
                            у мяне порах.
Я не схілю перад ім галавы.
Зьмяню на меч ярала.
Шчыра скажу:
                        «Іду на вы!» –
і падніму забрала.
Падазронасьць –
                            зброя слабых,
а я не слабы,
                      я дужы.
Падазронасьць –
                            зброя сьляпых,
а я не сьляпы, –
                          відушчы.
Давайце, данайцы, свае дары,
давайце іх, давайце!
Давайце забудзем міф стары,
давайце дружыць, данайцы!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.