РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хунвэйбіны
Мне снілася, што мяно білі
на нейкай плошчы хунвэйбіны.
Па твары білі, па сьпіне.
Іх хунвэйбінскія дубіны
лупілі-білі так па мне –
як б’юць па пыльным дыване.
Мой учарашні брат і друг
зь мяне і выбіваў мой нізкі,
так званы рэвізіянісцкі,
так званы буржуазны дух.
«За што?! – я спрабаваў пытацца.–
Хіба я не люблю кітайца?
Хіба я вам ня друг і брат?..»
Быў у адказ –
                      удараў град.
Што ты дакажаш хунвэйбінам,
дубінам іх і ім, дубінам.
Нічога не дакажаш, не.
Тым больш – не наяву, ва сьне.
Яны ж, пад гіканьне і тупат,
пад дзікі рогат, дзікі сьвіст
затым мне учынілі допыт:
– Дык хто ты ўсё ж –
                                    рэвізіяніст?!
Капітулянт? Капіталіст?
Ідэаліст? Матэр’яліст?
Дапытвалі пад шум і свіст:
«Чаму, скажы, не мааіст?!
Чаму маўчыш?
                        Дыханьне сьпёрла?!»
I да майго ўжо кадыка,
і да майго ўжо, бачу, горла
чыясьці цягнецца рука.
I падступаюць хунвэйбіны,
і ад раз’юшанай крыві
гараць іх вочы, як рубіны.
«Дык хто ты ўсё-ткі? – назаві!»
«Я чалавек, – сказаў я ціха.–
Я чалавекам хачу быць».
I закрычалі яны дзіка,
і сталі крыць,
                      і сталі выць:
«Вы чулі, чулі, хунвэйбіны?!
Дык гэта ж зmдзек,
                                дык гэта ж кпіны!
Дык гэта ж небывалы зьдзек!
Вы бачылі?! Ён – чалавек!
Вы чулі? Хоча чалавечнасьці!
Ён чалавекам хоча быць!
Дык ён жа горш за ўсякай нечысьці!
Такога мала і прыбіць.
Вы чулі, чулі, хунвэйбіны?!
Ён хоча ласкі галубінай,
сьмяяцца хоча і любіць.
А ну-тка даць яму дубіны!
Такога мала і забіць!
Ён хоча думаць,
                          яму мала,
што думае вялікі Мао
за ўсіх за нас і за яго!
Яму дай думаць! Ого-го-го!
Ён хоча ведаць,
                          яму мала,
што ведае вялікі Мао
усё і ўся, што дзе і як!
Ён хоча ведаць!
                          Ён – маньяк!
Ён хоча мець імя,
                              бо мала
яму імя такога – Мао!
Ня рад такому імю, гад!
Нягоднік! Здраднік!  Рэнегат!
Ён хоча мець свой твар,
                                        свой воблік,
сваё сьвятло!..
                        Ты ж – бледны водбліск
сьвятла, што йдзе, нібы зара,
ад вобліка правадыра!
Ён хоча... Чулі, хунвэйбіны?
(Яны ўзяліся за дубіны.)
Ён хоча... Чулі, хунвэйбінкі?
(Яны ўзяліся за дубінкі.)
Ён ні даўбешкай і ні пешкай,
ён хоча чалавекам быць!
Дык вось ён –
                        вораг нумар  першы,
Якога мала і забіць!
Чацьвертаваць такога мала!
«Няхай жыве вялікі Мао!»
«Няхай жыве вялікі Мао!»
«Наш родны бацька,
                                  наша мама!..»
Далей мне сьнілася:
                                  прышылі
плакат мне на сьпіне – вось зьдзек! –
I ўсьцяж вялікай гэтай шыльды
вялікай літарай аршыннай
накрэсьлілі: «Ён – чалавек».
Адзін такі плакат прышылі,
другі павесілі на шыі
і павялі – на нейкі сход,
на нейкі суд ці эшафот.
Натоўп усьлед крычыць: «Злавілі!»
Натоўп усьлед крычыць: «Зламілі!
Вы бачылі? Ён – чалавек!
Не, ты ня будзеш ім павек!»
Паглядамі, нібы штыкамі,
мяне пранізвалі наскрозь.
Мне пагражалі кулакамі.
Крычалі: «Вось ён! Вось ён! Вось...»
Яшчэ ускрыквалі пад сьвіст:
«Яго – у самы чорны сьпіс!
У самы чорны, самы чорны –
калі такі ён непакорны!
У самы чорны, самы чорны!
Яго ў такія трэба жорны,
каб на муку перамалоць
яго паганы дух і плоць!..»
I тут я ўбачыў раптам жорны.
Такія ў вёсцы бачыў я.
Я ўбачыў жорны той жа формы,
ды толькі большыя ўтрая.
А, можа быць, разоў у дзесяць.
Як толькі іх змаглі падвесіць,
узьняць такія камяні?
Іх зь месца паспрабуй скрані.
Яны паўзьлі аднекуль зьверху,
і па-драконаўску,
                              па-зьверску
вурчэць адразу пачалі,
як нас убачылі здалі.
Раскрылі пашчу тыя жорны!
О, жах!
            Хвіліна – і яны,
азьвераныя валуны,
нас перамелюць,
                            нібы зёрны.
I тут я закрычаў у сьне:
«Не, не, ня трэба!
                              Толькі – не!..»
Прачнуўся я ў халодным поце.
Рукой памацаў валасы.
Яны былі ў гарачым поце.
Так, пабылі мы ў пераплёце...
Яшчэ гучалі галасы:
«Вы чулі, чулі, хунвэйбіны?!
А ну-тка даць яму дубіны!..
У самы чорны, самы чорны!
Яго ў такія трэба жорны!..»
Я ўзьняў з падушкі галаву.
У ранішнюю сіняву
сплывалі зданьню хунвэйбіны
і дагасалі, як рубіны,
іх вочы... Быццам наяву
я бачыў гэта ўсё, ня ў сьне.
...Сінеўся новы дзень ў акне.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.