РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Бачу: мне сьвята падрыхтавалі.
Прыбралі ўсё,
                        падрамантавалі.
Шары. Гірлянды.
                            Медзь блішчыць.
Вясёлая музыка гучыць.
Снуюць распарадчыкі ў народзе:
«Весяліцеся, ды і годзе!»
А мне ня хочацца сьвяткаваць.
Мне болей хочацца смуткаваць.
Скрабуць на сэрцы маім кошкі.
Спагады шукаю у людзей:
«Пачакалі б
                  са сьвятам трошкі.
Я не магу прыняць удзел».
Але сьвяточна настроены людзі.
Медзь блішчыць.
                            Карусель імчыць.
Арэлі ўзьлятаюць.
                              Марш гучыць.
Усё патанае
                    ў сьвяточным гудзе.
Усе сьвяткуюць.
                          Адзін я змрочны.
I я ўцякаю –
                    хутчэй, хутчэй!
Ірвуся скрозь натоўп сьвяточны.
Хутчэй, хутчэй – зь людскіх вачэй!..
Назаўтра быў я у гуморы.
Ня скрэблі кошкі грудзі мае.
I я, вясёлы і бадзёры,
пайшоў туды,
                      дзе сьвята... Але
ужо не было ніякага сьвята.
Ніхто ня йграе.
                          Ніхто не пяе.
Зьняты шары.
                      Гірлянда зьнята.
Вісіць абрывак адзін ад яе.
Яшчэ кавалак паперкі зьмятай
сьвята ўчарашняе выдае...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.