РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адлучэньне Талстога ад царквы
24 лютага 1901 года
Талстога адлучаюць ад царквы,
ад веры праваслаўнай адлучаюць.
Анафему Талстому абвяшчаюць
цар сьвецкі і царкоўныя царкі.
Як сьнежныя абвалы з гор,
грымяць ў саборах гнеўна пратадз’яканы.
«Будзь прокляты...» – выводзяць як яны!
«Анафема!» – уторыць сьлепа хор.
Стараюцца, гразяць папы
бясслаўем,
                  забыцьцём,
                                    геенай вечнай
і апускаюць уніз сьвечы...
Не выкрывай, не падрывай стаўпы!
Другім пяем мы: «Многая лета...»
Тым, хто і знае і маўчыць.
                                            А гэтага
ерэтыка, бунтаўшчыка адпетага
мы праклінаем!..
                            Зь ім адна бяда.
«Анафема...
                    Анафема...
                                        Анафема».
Якія пісьмы піша цёмны люд!
«Не точию сугубо н трегубо,
но многогубо» праклінаюць тут.
I зьневажаюць, пагражаюць груба:
«Анафема ты...
                          чорт стары...
Будзь прокляты...
                              Ты здохнеш па-сабачы...
Згнаім цябе ў турме, ў манастыры!..
А не – прымусім – замаўчыш іначай!..»
Пасылачку з намыленай пятлёй
любоўна нехта графу шле па пошце.
Натоўп сустрэў яго на плошчы –
і ледзь ня зьбіў,
                            ледзь не зьмяшаў зь зямлёй...
Анафеме аддадзены Талстой.
I ўсё па той жа, ўсё па той прычыне:
няма прарока у сваёй айчыне.
Тым болей – на Русі сьвятой.
Ці, можа, ўсё-ткі ёсьць ён на Русі?
Скрозь цемру прабіваюцца іскрынкі.
Скрозь строй пагроз,
                                    праклёнаў
                                                      і хлусьні
ідуць другія пісьмы і пасылкі.
«Ёсьць Бог на сьвеце...
                                      Дзякуй вам, браты».
Талстой бярэ сухімі пальцамі
той падарунак, што зрабілі ў Мальцаве,
на шкле зялёным надпіс залаты:
«Леў Мікалаевіч!
                              Вы падзялілі лёс
усіх тых, хто ў сваю эпоху
высока званьне чалавека нёс
і хто ішоў за праўду на галгофу.
Няхай, як хочуць, адлучаюць Вас, –
ад нас Вас не адлучаць фарысеі.
Як не адлучаць ад усёй Расеі.
Мы любім Вас. Мы з вамі ў гэты час...»
Было шмат добрых пісем і раней,
а гэта... I сьвятлее твар Талстога,
і вочы, што глядзелі ўнутр строга,
на сьвет глядзяць зноў
                                      з-пад дяжкіх брывей...
«Ёсць бог, я вам кажу.
                                      I гэты бог –
не фіміям,
                  ня мошчы,
                                    не іконы,
і ўжо, канечне, не праклёны
у адрас тых, хто праўду ўбачыць змог.
Не, гэты бог зусім другі, браты, –
дух ісьціны, любві і дабраты.
Ня я, сінод, кашчунствую, а ты,
калі цалуеш напаказ іконы,
калі прытворна б’еш свае паклоны.
Я ж веру сэрцам, веру сапраўды.
Ня выгадзе служу я, а дабру,
хоць і ў мяне ёсьць дом, сям’я і дзеці.
Шаную ісьціну я больш за ўсё на сьвеце
і зь ёй спакойна, радасна памру...»
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.