Чытаю кнігу, за страфой страфу. Пытаюся – адказвае Ду Фу. – Скажы, Ду Фу, навошта п’еш віно? – Забыцца памагае мне яно. Душа мая пакутуе, рыдае, ня знойдзеш зараз радасьці ў Кітаі. – Навошта ўзяўся за пяро, Ду Фу? – Каб выказаць свой боль, сваю тугу. Нялёгка рэкам мутным плыць да ўсходу. Яшчэ больш цяжка жыць майму народу. – Ці выкажа ўсё іерогліф твой? – Што бачу я вакол сябе! Ой, ой! Блукае ўсюды сьмерць. Лютуюць банды. Галодным замест хлеба – барабаны. – Каму патрэбен барабанны бой? – Я спадзяюся, што ня нам з табой. Зноў ваяваць задумалі правіцелі. Яны тым і жывуць – кровапраліцьцямі. – Ты ведаеш, Ду Фу, вайне цану? – Паходам за Вялікую сьцяну? Дазвольце мне, старому, усумніцца, што трэба пашыраць камусь граніцы. – Што бачыш ты яшчэ вакол, Ду Фу? – Сарвала ветрам ў бедняка страху. Юнцы сьмяюцца над старым з пагардай. Няшчадна глушыць пальму куст паганы. – А як, скажы, Ду Фу, было раней? – Было, я помню, лепш і разумней. Старэйшых моладзь шанавала строга. Кармілі нават і каня старога. – Чаму, Ду Фу, пакутуе народ? – А хіба можа быць наадварот, калі яго правіцелі – тыраны, як барсы, жорсткія, тупыя, як бараны. – А можа, уладар інакшым быць? – Калі ён будзе свой народ любіць і будзе слухаць мудрыя парады... Такіх не дапускаюць да улады. – Ня вечныя ж, Ду Фу, тыраны, зло? – I на дракона знойдзецца сіло. Які б ні быў ён грозны і вялікі, а прыйдзе час – зламае свае іклы. – А ты прыдворным мог бы быць, Ду Фу? – Каб дагаджаць, каб гнуцца у дугу?! Я з голаду памру, але ня буду лісьліўцам, баязьліўцам, лізаблюдам. – Ня хочаш пець ты на агульны лад? – Прырода не дае такі загад. Сьпявае вунь птушыная чародка, I ў кожнай голас свой і свая нотка. – А як бы ты хацеў, Ду Фу, пражыць? – Свайму народу я б хацеў служыць. Хацеў бы, як мужчына, жыць бяз страху, хацеў бы акіянскага размаху... Вось так размову мы з Ду Фу вялі. Не падзялялі нас ні дзесяць тысяч лі, ні сотні год, ні розьніца між мовамі, ні сьцены (як старыя, так і новыя). Быў мне Ду Фу – як самы блізкі друг. Вітаў над намі чалавечы дух. Як брат, са мною гаварыў Ду Фу... ...Чытаў я кнігу, за страфой страфу.
1969
|
|