РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камэнтарый да Карана
Магамет не пайшоў да гары.
Пайшла гара да Магамета.
Я раскажу, як было ўсё гэта,
я растлумачу вам міф стары.
Гара не сама пайшла, бо ў яе
было пачуцьцё годнасьці горнай, –
чаго нам, людзям, на жаль, нестае.
Была гара высокай і гордай.
Лічыла гара, што Магамет
сам да яе хадзіць павінны.
Ён і хадзіў, пакуль быў наіўны,
пакуль ня ўвёў яму ў вушы сьвет,
што ёсьць на сьвеце адзіны Бог,
той Бог – Алах, і няма другога,
а ён – прарок гэтага Бога,
і як да гары хадзіць ён мог...
I хоць быў мудры той прарок –
паддаўся лісьлівым нагаворам.
Рашыў, што болей ня зробіць крок
насустрач гэтым упартым горам.
Маўляў, хай ходзіць гара сама.
Хопіць заносіцца ёй высока.
Апроч Алаха – Бога няма,
апроч Магамета – няма прарока.
Гара ні зь месца.
                            Стаяла гара.
Што ёй да Бога, да цара?
Што да прарока боскага ёй,
калі пад ёю цьвёрдая глеба,
калі крутой вяршыняй сваёй
яна сама падпірае неба.
Думаў прарок:
                        «Як прымусіць гару?
Якім пайсьці яму лепей шляхам?
Пайду я з Алахам пагавару,
пайду я параюся з Алахам».
Алах нядоўга слухаў яго.
Ён тут жа даў свайму гневу волю:
«Не шанаваць прарока майго
я нікому не дазволю!
Хай лепш – паздарову-падабру! –
крутануў Алах бялкамі. –
А не, дык гару я ў прах сатру,
не пакіну на камені камень!
Можа, тады адчуе яна,
хто ўладар ўсяго сусьвета...
Апроч Алаха – Бога няма,
няма прарока – апроч Магамета!»
 
Няцяжка ўявіць, што далей было.
Далей на вяршыню гары, як на шыю,
накінулі слугі Алаха сіло
і сталі цягнуць,
                          гнуць сталі вяршыню.
Цягнулі сілком, цягнулі сілом:
«Ідзі да прарока і бі чалом!»
Яшчэ ланцугамі гару аплялі,
усяк прыніжалі ў гэтым палоне,
каб зьвесьці да ўзроўню нізіннай зямлі,
каб зьвесьці да ўзроўню абалоні.
Гара і пайшла...
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.