Што казалася, што адбывалася? Былі словы – як шолах травы: «Я баялася... Я баялася, што паедзеце раптам вы». «Я баялася...» Была боязь. «Я баялася...» Быў страх. Толькі ўсё ж адыходзіў поезд і імчаўся на ўсіх парах. Усё бегла, усё зрывалася – дрэвы, хаты, слупы, ірвы... «Я баялася... Я баялася, што паедзеце раптам вы». Мне насустрач усё бегла, бег насустрач цэлы сьвет. А між намі расла адлегласьць, толькі беглі словы ўсьлед: «Я баялася... Я баялася, што паедзеце раптам вы». ...Мне сягоньня доўга ня спалася, аж да ранішняй сінявы. Пачуцьцё ня знала спачынку. I ўявілася раптам мне ты той маленькаю дзяўчынкай, што баіцца цемнаты. I мне стала відавочнаю сувязь між дзіцячаю той першай боязьзю прад цемнатой і трывогай тваёй дзявочаю. Плачуць душы нашы, як каня, з дня у дзень і з году ў год, прагнуць душы сьвятла спатканьняў і баяцца імглы адзінот... Ты мне сьветла уяўлялася: «Я баялася...»
1970
|
|