Плач па нерастрачанай пяшчоце
|
Плача жанчына
|
Плачу я... Мне б са сваёй пяшчотай, мне б са сваёй пяшчотнай істотай пець і зьвінець сярэбранай нотай, гульлівай, шчасьлівай быць, шчасьлівым другога рабіць. Ды я вось ня радуюся, я плачу. Што я са сваім багацьцем значу, калі я нашу яго, а ня трачу, калі я дарэмна нашу пяшчоту – сваю душу. Колькі ўва мне яе – гэтай пяшчоты! Як у вясновым садзе лістоты. Я ёю поўна, як мёдам соты. Мінае за годам год, гарчае дарэмна мёд. Плачу я... Толькі ня чую адказу. Маўчаньне тут горай за абразу. Сказалі б ужо, адказалі б адразу, можа б, лягчэй было, можа б, ня так гняло. Можа, на ўсё глядзела б іначай я, каб я ня ведала і ня бачыла, як нам патрэбна пяшчота гарачая, як тужаць вакол па ёй – жончынай, сястрыной... О, мая бедная пяшчота! Ня радасьць мая – мая бядота, ня слодыч мая – мая гаркота. Што мне з табою рабіць, як мне з табою быць?
1972
|
|