РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над морам
Учора йшчэ буры раскаты грымелі,
выў вецер салены, насіліся чайкі
над морам, як белыя сьнежныя ком’я,
і цёмна-зялёныя хвалі
у вышу ўзмывалі сьцяною,
рассыпаўшы белыя кудры;
ўзмывалі, каціліся ў моры,
адна за аднэй набягалі
на дзікі, абрывісты бераг, –
і бурыя скалы трасьліся
пад вагай іх цяжкіх удараў,
сваімі грудзямі на брызгі
вады разьбіваючы глыбы.
Паветра стагнала, і хвалі
пад грохат і гул пагібалі
так горда, вясёла і вольна,
пакінуўшы думкі аб сьмерці!
 
I я быў вясёлы і горды.
I мне пачуцьця волі хваля,
налюнуўшы, ўпалыя грудзі
высока ў гару падымала,
змываючы з сэрца ўсю ціну.
I ўсё, што ў ім спала глыбока,
тады прабудзілася разам,
зрабілася цэльным, магутным.
I чуў я, свабодны і моцны,
так, чуў, што і я чалавек!
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Мінулася грозная бура,
а мора дасюль яшчэ б’ецца.
Ў бязьмежным сьвінцовым абшары
ўздымаюцца дзе-нідзе хвалі,
ідуць без надзеі, бяз волі,
панура да берага люнуць,
аб скалы удараць бясьсільна
і згінуць з глухою нудою.
 
Шкада мне вас, шэрыя хвалі,
шкада ўсёй душой надарванай,
ўсім сэрцам, ужо апусьцелым:
вы ж – родныя сёстры мае!
 
[1910]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.