РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Пэўна, любіце вы, пане,
між страніц старых, пажоўклых
кнігі, ўжо даўно забытай,
адшукаць сухі цьвяток.
Пабляднелі яго фарбы,
ледзь трымаюцца лісточкі...
Але колькі ён прабудзіць
ў сэрцы кволым пачуцьця!
Чаго вы цьвяток хавалі,
што жадалася, збылося, –
ўсё ўплыве ў душы і збудзіць
мілых згадак доўгі рой.
У думцы зноў вы пражывеце
беззваротныя часіны,
і для вас каштоўным стане
гэты высахшы цьвяток.
 
Вершы, вершы дарагія!
Спарадзіў я вас, маленькіх,
ў час, калі мне падымала
грудзі хваля пачуцьця.
I няхай яно з вас зьнікла,
хай збляднелі вы, засохлі,
ўсё ж вы будзіце мне згадкі,
і за гэта дзякуй вам.
Не абміне і чытач вас.
I ў яго калісь бывала
мысьль супольная з маёю,
тая ж хваля пачуцьця.
Усё калісь перажытое
пакідала след у сэрцы
і ляжала нерухома
цёмнай залежжу, пластом.
Разварушце ж, мае вершы,
гэты пласт: хай згадка згадку
кліча, цягне, хай чытач мой
зноў былое пражыве!
 
[1911]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.