РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лявоніха
Ах, Лявоніха, Лявоніха мая!
Спамяну цябе ласкавым словам я, –
Чорны пух тваіх загнутых брывянят,
Вочы яркія, вясёлы іх пагляд;
Спамяну тваю рухавую пастаць,
Спамяну, як ты умела цалаваць.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Ты пяяла галасьней ад салаўя,
Ты была заўсёды першай у танку –
I ў «Мяцеліцы», i ў «Юрцы», i ў «Бычку»;
A калі ты жаці станеш свой загон,
Аж дзівуецца нядбайліца Лявон.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
У цябе палова вёскі – кумаўя.
Знала ты, як запрасіць, пачаставаць,
I дарэчы слова добрае сказаць,
I разважыць, i y смутку зьвесяліць,
A часамі – i да сэрца прытуліць.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Дай жа Бог табе даўжэйшага жыцьця,
Дай на сьвеце сумным радасна пражыць,
Ўсіх вакол, як весяліла, весяліць.
Хай ніколі не забуду цябе я.
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
 
[1915–1916]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.