РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сербская песьня
Хто там едзе па Касову полю?
Едзе ў полі дэлібаш адважны –
Слаўны шэршань на жуку рагатым.
Дзень ён едзе, і другі, і трэці,
На чацьверты к мору пад’язджае,
Што калюжай у людзей завецца.
Затрымаўся, глянуў слаўны шэршань
I такія словы прамаўляе:
«Гой ты, коню, гой ты, жук рагаты!
Ускарміў я, жук, цябе мятліцай,
Успаіў я, жук, цябе расою.
Саслужы жа верную мне службу –
Пераскоч ты цераз гэта мора».
I прамовіў шэршню жук рагаты:
«Гаспадару, дэлібаш адважны!
He скакаць бы мне з табой праз мора.
He шукаць бы сьмерці перадчаснай.
Як мы з хаты ранкам выязджалі,
Гаварыла маці-шаршаніха,
Што нядобры сон ёй ноччу сьніўся,
Быццам пэрлы ўсё яна нізала.
He іначай – будуць ліцца сьлёзы».
Засьмяяўся шэршань, гэтак кажа:
«Стаў ты, коню, бабай шумадзійскай!
Я з маленства сьмерці не лякаўся,
He збаюся і цяпер напэўна».
I паслухаў шэршня жук рагаты.
Разагнаўся, напружыўся моцна,
Скакануў ён – і сягнуў праз мора,
На высокі яр якраз патрапіў!
I сарваўся заднімі нагамі
Жук рагаты зь яру – аж у мора,
3-пад капытаў паляцела гліна;
Ды скакнуў ён – і адратаваўся.
Вось які быў гэты слаўны шэршань,
Ды і конь той – чорны жук рагаты!
Але шэршню ўсё яшчэ замала.
«Гой ты, коню, – кажа, – верны коню!
Мы скакнулі перадам праз мора,
Дык скакнём жа празь яго і задам».
I паслухаў шэршня жук рагаты:
Разагнаўся, напружыўся моцна,
Скакануў ён – ды у час нядобры!
Грымнуў з вышы, небарака, ў мора,
Ў сіне мора разам з гаспадарам.
Так прадчасна сьмерць сваю натрапіў
Слаўны шэршань, дэлібаш адважны.
He, нямашка ўжо такіх юнакаў.
 
1915
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.