Многа ёсьць на зямлі калек, На зямлі і ў маёй старане. Дажываць яны будуць свой век Напамінкам жывым аб вайне. У адных зь іх няма вачэй, У другіх жа — рука адна. Ну, а трэцім яшчэ цяжэй: Ім скалечыла душы вайна. Яны з крыўдай глядзяць на сьвет. Ім кашмары сьняцца ўначы. Рукі доўга лячыў лазарэт, А душу паспрабуй палячы. Яе раны залечыш на час, А здарыцца што-небудзь — яны Адкрываюцца ўсе ураз, — Ажываюць малюнкі вайны. I ад тых успамінаў і сноў Паратунак — у веры адной, Што вайна не паўторыцца зноў, Не залье мірны дзень крывёй.
1959
|
|