Расчыняю шырока весніцы, У начную ціш выхаджу. Я зарніцы — дажджоў прадвесьніцы Сёньня зноўку бачыць хачу. Хачу знаць, колькі будзе зелені, Будзе сьвежасьці для людзей, I ці вырасьце ўсё, што сеялі, З чым зьвязалі столькі надзей. Вось і радуюся зарніцам. Знаю, сьледам за імі дождж Пачне шчодра паіць зямліцу, Паліваць яе ўшыр і ўдоўж. Яна ж толькі аб гэтым і марыць... Дзесьці зноў, за далёкім сялом, За далёкаю-дальняю хмарай Узмахнула жар-птушка крылом. Я загрукаю ў аканіцы, Я людзей разбуджу, абвяшчу: «Людзі, бачыў я зноў зарніцы! — Быць дажджу, залатому дажджу!»
1961
|
|